Да 90-годдзя з дня нараджэння У.Караткевіча!
Вы сейчас просматриваете Да 90-годдзя з дня нараджэння У.Караткевіча!

26 лістапада споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння класіка сучаснай беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Паэт, празаік, драматург, кінасцэнарыст, публіцыст, перакладчык – Караткевіч з’яўляецца адной з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX ст.

У гэты дзень выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры  Башылава В. У. і Варашыліна Г.Ю. правялі літаратурную вечарыну “ Рамантык беларускай гісторыі”. Вечарына адбылася ў чытальнай зале бібліятэкі каледжа, дзе бібліятэкары Лаўрова І. А.  і Максiмава Ж. В.  падрыхтавалі выставу твораў Уладзіміра Караткевіча і вельмі займальную літаратурную віктарыну па творчасці пісьменніка. Удзел у вечарыне прынялі навучэнцы груп А 116 і П 160. У якасці чытальнікаў выступілі навучэнцы групы А116 Аўчыннікаў Дзмітрый, Гарадзецкі Дзмітрый, Кучынскі Уладзіслаў і Сяліцкі Іван.

На літаратурнай сустрэчы ва ўсіх выступленнях рэфрэнам гучала думка аб тым, што каб лепш зразумець нашу гістарычную мінуўшчыну, нашы адметныя нацыянальныя рысы, каб адчуць непаўторнасць нашай Беларусі і адчуць сябе беларусамі ў ёй, трэба чытаць творы Уладзіміра Караткевіча – Пісьменніка, Грамадзяніна, Чалавека.