Мары і туга скандынаўскай літаратуры
Вы сейчас просматриваете Мары і туга скандынаўскай літаратуры

Берагчы духоўную памяць, развіваць цікавасць да чытання кніг, захоўваць традыцыі роднага народа, перадаючы іх будучым пакаленням – справа высакародная. Гэтую мэту ставяць і арганізатары штогадовага “Тыдня літаратуры краін Паўночнай Еўропы”. Ідэя “Тыдня…” заключаецца ў чытанні ўслых, пры запаленых свечках, трох кніг скандынаўскіх аўтараў у перакладзе на  родную мову, падабраных для розных узроставых груп: дзеці, падлеткі і дарослыя.

У Беларусі праект рэалізуецца на пастаяннай аснове з 2015 года. Сёлета тэма мерапрыемства “Мары і туга”, а  для чытання прапанаваны кнігі Карын Эрландсан “Лавец жэмчугу”, Салі Сальмінэн “Катрына”, Тувэ Янсан “У канцы лістапада”.

У рамках міжнароднага праекта выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры Варашыліна Галіна Юр’еўна, Башылава Вольга Уладзіміраўна, супрацоўнікі бібліятэкі  і навучэнцы каледжа арганізавалі   чытанні  ўрыўкаў з твораў скандынаўскай літаратуры.

Навучэнцы з задавальненнем пазнаёміліся з галоўнай гераіняй рамана Салі Сальмінен «Катрына» – моцнай духам жанчынай, якая захоўвае сваю чалавечую годнасць ва ўсіх жыццёвых сітуацыях. Навучэнцы чыталі ўслых па ролях урывак, пераўвасобіўшыся ў герояў кнігі.

На  мерапрыемстве прысутнічалі выкладчыкі, супрацоўнікі каледжа і кожны з ўдзельнікаў свята мог прачытаць фрагмент з твораў. Сваім мілагучным голасам заваражыла прысутных Войніч Алена Сяргееўна, чым надала адчуванне сапраўднай асалоды ад чытання ўслых.

Удзельнікі мерапрыемства паглядзелі фільм пра Тувэ Янсан, фрагменты з мультфільмаў пра Мумі – троляў і паразважалі над цытатамі, якія прымушаюць задумацца: “Калі  ў цябе ўзнікае жаданне штосьці рабіць, патрэбна неадкладна прымаць рашэнне і не чакаць, пакуль гэты настрой пройдзе”, “Маці заўсёды пазнае сваё дзіця, што б з ім ні здарылася”, “Нават самыя сумныя рэчы перастаюць быць сумнымі, калі ставіцца да іх правільна”. На жаль, толькі адзінкі  з нашых навучэнцаў ведалі, хто такія Мумі-тролі.

Бібліятэкар Максімава Ж.В. падрыхтавала відэапрэзентацыю аб удзеле БДПК у гэтым праекце, культуралагічную віктарыну па краінах Скандынавіі. За правільныя адказы навучэнцы атрымлівалі пакуначак гарбаты.

Бібліятэкары стварылі святочную атмасферу: упрыгожылі чытальную залу сцяжкамі, яркімі плакатамі, фатаграфіямі, якую  удзельнікі мерапрыемства выкарасталі для правядзення фотасесіі.

У сваіх водгуках навучэнцы адзначылі, што даведаліся пра значэнні незнаёмых слоў: кутасы, гарышча, вусень, жырандоля,  пра Аландскія астравы; ім спадабаліся цытаты з мультфільма пра Мумі-тролей; іх уразіў выбар, які ў сваім жыцці зрабіла Катрына – галоўная гераіня рамана Салі Сальмінен; даведаліся пра жамчужыну “Зрэнка Вока”, якая пазбаўляе людзей ад тугі.

Тыдзень літаратуры краін Паўночнай Еўропы – гэта выдатная магчымасць стаць часткай маштабнага міжнароднага праекта, які прывівае любоў да чытання і літаратуры ў цэлым і пашырае кругагляд.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел  навучэнцы груп: П 161, Э 168, Р 101, Ц 1107.