Памяці  “палескай ластаўкі”
Вы сейчас просматриваете Памяці  “палескай ластаўкі”

Не воблака, а проста аблачынка

Загадкава плыве над галавой.

Смяюся я: вясёлая дзяўчынка,

Як матылёк, ляцiць над кладкай той…

Як добра ёй журыцца беспрычынна!

Да твару ёй i лета, i зiма…

ўсмiхнуся я: яшчэ бяжыць дзяўчынка

Па кладцы той, якой даўно няма.

Я.Янішчыц

“Палеская ластаўка”, “Палесся мілае дзіця”, “палеская летуценніца” – так назвалі ў нашай літаратуры выдатную паэтку Яўгенію Янішчыц, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў. Яна пакінула за сваё нядоўгае жыццё вялікую паэтычную спадчыну для Беларусі і стала адным з сімвалаў Палесся.

20 лістапада споўнілася б 75 год з дня нараджэння славутай беларускай паэтэсы. З гэтай нагоды ў групе 1Р003 адбыліся літаратурныя чытанні памяці Яўгеніі Янішцыц. Навучэнцы прыгадалі біяграфію  паэткі і прачыталі яе вершы.

Прапануем і вам цудоўна правесці вечар: прачытаць за кубачкам гарбаты вершы выбітнай беларускай паэткі.

Я ВАС ЛЮБЛЮ

«Я вас люблю» — няма каму сказаць?

А мне ў любві да скону не змыліцца:

Я вас люблю, лясы і сенажаць,

Старая вёска, новая сталіца.

 

Мы ў сэрцы носім радасць і грахі

I распраўляем пераможна крылы.

Я вас люблю, айчынныя шляхі,

Я помню вас, забытыя магілы!

 

I знаю: дзень пражыты недарма,

Калі перажываю і хварэю,

Калі прад імянной сцяной — сама,

Нібы сцяна, ад жудасці бялею.

 

Падлесак — сын мне, бор вячысты — друг.

Зіма зажурыць — развяселіць лета.

Цябе люблю, патрыярхальны плуг,

Цябе — у страшным космасе, ракета

 

Люблю я вас, сівыя мацяркі,

Што аж дагэтуль гояць боль па дзецях,

Што вы мне ўсе — нібы мацерыкі,

Якія хочуць міру на планеце.

Я. Янішчыц